Там, ля агароджы, зямля была засыпаная сьветлымі шэрымі шышкамі і нерухомай, таксама сьветлай, бы цукрам пасыпанай ігліцай, па якой яны хадзілі туды-сюды, слухаючы, як прыемна шаргоча ў іх пад нагамі. Часам яны ляжалі пад ялінамі, гаворачы пра тое і пра сёе – але ніколі не абмяркоўваючы лягер. За ялінамі пачыналася агароджа, мэталічная сетка, а за ёй быў такі самы сятчасты, быццам сам патрапіў у пастку, лес.
І вось сёньня раніцай з-за ялінаў іх нехта паклікаў.
Такое здаралася і раней. Яны зь Лёсяй падыходзілі, не баючыся – падавалася неверагодным, што нехта можа пранікнуць сюды, за сетку, у лягер. У лягеры быў уваход: пафарбаваная жоўтым брама, над якой вісела кола, утыканае бліскучымі пратубэранцамі, і нейкім чынам, яны ведалі гэта, пратубэранцы ахоўваюць іх, гэтае кола было неяк зьвязанае зь сеткай, зь яе пэрымэтрам, абысьці які ў іх пакуль не хапіла часу. Таму цяпер, калі голас з-за сеткі назваў іх імёны, яны не адчувалі страху. Праўда, Лёся сказала, што набліжацца ўсутыч да агароджы ўсё ж небясьпечна – раптам у іх там, на тым баку, ёсьць такія крукі, якімі можна зачапіць чалавека і выцягнуць зь лягеру ў лес. Неяк, калі іх толькі прывезьлі сюды, зь імі загаварыў пажылы мужчына, які прапаноўваў ім пачаставацца арэхамі і нават прасоўваў іх скрозь сетку. Яны маўчалі, а ён гаварыў без супынку, ледзь ня плачучы. Яны тады яшчэ ня надта добра ведалі Язык. Тым разам Лёся падышла бліжэй, Лёччык неахвотна патупаў за ёй. І тады мужчына павярнуўся да іх сьпінай. Адной рукой ён прасоўваў празь ячэйкі арэхі, а другую засунуў у кішэню: дзіўная пастава. І так працягвалася цэлую вечнасьць. І арэхі падалі на ігліцу, колькі ў яго іх там было, тых арэхаў: тысячы, мільёны? І словы ляцелі ў лес, ператвараючыся ва ўздыхі і стогны. “Гэта атручаныя арэхі”, – сказала Лёся, калі мужчына нарэшце сышоў і ягоная пакрыўджаная сьпіна зьнікла за дрэвамі. “Ня будзем іх есьці”. І яны пайшлі прэч.
Але часьцей за ўсё на тым баку агароджы стаялі хлопцы з суседніх вёсак і ўсяляк курчыліся й выдурваліся, каб прыцягнуць іхную ўвагу. “Гэй, дэбільчыкі!” – крычалі яны, і галасы рабіліся ўсё больш хрыпатыя. – “Як вы тамака, недаразьвітыя? Тупыя! Тупыыыыя! Як вы там, тупыя? Лечаць вас? На ўколы схадзілі ўжо? Чарапушкі вам падмылі?” Часам нейкі з тых падшыванцаў даставаў са штаноў чэлес і весела махаў ім, але гэта самыя сьмелыя, астатнія проста паказвалі ім свае загарэлыя азадкі. Лёся ўсьміхалася, не адводзячы вачэй. А Лёччыку хацелася шпурнуць нешта туды, за сетку. Так, каб трапіць у кагосьці. Каб пайшла кроў. Лёччык любіў, калі ідзе кроў.
Але сёньня раніцай усё здарылася зусім, зусім інакш.
Сёньня раніцай з-за сеткі іх сапраўды нехта паклікаў па імёнах. Іхных сапраўдных імёнах.
“Лёся!” – пачулі яны прыцішаны голас. – “Гэй-гэй! Лёччык!”
Яны паглядзелі адно на аднаго. А голас клікаў, настойліва, патрабавальна, ціхі, але вельмі знаёмы. І тады Лёччык узяў сястру за руку і яны кінуліся стрымгалоў у яліны да сеткі. Аднак за некалькі мэтраў ад агароджы спыніліся. Яны ведалі, што бліжэй падыходзіць нельга. У знаёмых галасоў таксама на канцах могуць быць крукі.