Ігар Бабкоў
АДАМ КЛАКОЦКІ І ЯГОНЫЯ ЦЕНІ
Бабкоў І. М.
Адам Клакоцкі і ягоныя цені. Раман у дзесяці гісторыях. 2-е выд. / Ігар Бабкоў. — Мінск : І. П. Логвінаў, 2012. — 136 с. — (Серыя “Я кнігу маю”).
ISBN 978-985-6991-90-8.
© Бабкоў І. , 2012
© Афармленне. Выдавец Логвінаў І. П. , 2012
Адам Клакоцкі і ягоныя цені
Раман у дзесяці гісторыях з жыцьця адважнага асьветніка й энцыкляпэдысты Яна Адама Марыі Клакоцкага і ягоных ценяў, з дадаткам зацемаў аўтара, двух эпіграфаў зь лістоў сусьветна вядомых творцаў ды пасьляслоўем Францішка Эн. , у якім той упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве скарыстоўвае пост-каляніяльны панятак
У гэтую кнігу можна ўвайсьці праз чатыры розныя дзьверы.
Выйсьця зь яе няма аніякага. Вы ўваходзіце ў раман, калі ўпэўненыя, што ўсё ў сьвеце мусіць мець свой сэнс і сваё мейсца. Вы ўваходзіце ў кнігу гісторыяў, калі перакананыя, што ня варта склейваць у адно чарапкі ад розных вазонаў. Вы ўваходзіце ў філязафічны трактат, калі вы ня ў чым не перакананыя й ня ўпэўненыя. Вы ўваходзіце ў практычны дапаможнік па кітайскай народнай гульні ў інь і ян, калі адчуваеце, што няма каму быць у чымсьці перакананым альбо ўпэўненым.Матэрыялы да жыцьцяпiсу Адама Клакоцкага
Ян Адам Марыя Клакоцкi нарадзiўся шостага верасьня 1793 году ў фальварку Сапуны непадалёку ад Наваградку ў сям’i дробнага шляхцiца. Год ягонага нараджэньня супаў з годам другога падзелу Рэчы Паспалiтай, ён сам заўсёды памятаў пра гэта, неаднаразова падкрэсьлiваў, а пад канец жыцьця нават надаваў гэтаму факту сымбалiчнае значэньне.
Ягонае жыцьцё дастаткова вывучанае дасьледнiкамi, каб спадзявацца ў гэтым сьцiплым нарысе прапанаваць нешта новае. Зрэшты, гэта й ня ёсьць нашай мэтай. Усё, што можна было знайсьцi ў архiвах, ужо знойдзена, апошнiя знаходкi Язэпа Янушкевiча, якiя тычацца «беларускага» пэрыяду жыцьця гэтага вядомага лiтаратара й навукоўцы, толькi падкрэсьлiваюць агульнае правiла. З усяе багатае спадчыны Яна Адама Марыi, якой «маглi б пазайздросьцiць энцыкляпэдысты» (
Як мы ўжо казалi, Ян Адам Марыя нарадзiўся ў фальварку Сапуны ў тыповай для таго часу сям’i дробнага шляхцiца. Ягоная мацi атрымала выдатную адукацыю: ад яе Адам навучыўся даволi добра гаварыць па-француску, а таксама займеў цiкавасьць да ўсяго чароўнага, таямнiчага, iрацыянальнага. Гэтая цiкавасьць яшчэ больш узмацнiлася пасьля даўгiх зiмовых вечароў, падчас якiх распавядалiся страшныя гiсторыi пра русалак, чараўнiкоў, пра розныя незвычайныя здарэньнi.