Уладзімер Арлоў
Дом з дамавікамі
У аэрапорце за паўгадзіны да пасадкі Марцін выняў з наплечнай кайстры кармінавы штодзённік, каб спраўдзіць, ці не забыўся чаго істотнага. Ён перагарнуў старонкі на бліжэйшыя дні і зрабіў маленькае адкрыццё: абведзеная колцам дата — 23 красавіка — прыпадала акурат на канец яго кароткага падарожжа. Гэта адразу перайначыла Марцінаў настрой, дадаўшы да лёгкага перадвандроўнага хвалявання новыя эмоцыі.
Ён міжволі ўсміхнуўся: дзяцінства праз столькі гадоў па-ранейшаму заставалася з ім. Ён абвёў вачыма пачакальню. Наўрад ці хто-небудзь мог хоць прыблізна ўявіць, чым занятыя цяпер ягоныя думкі.
А імі завалодалі Шэкспір і Сервантэс.
Больш за прыгоды і фантастыку ў дзіцячыя гады Марцін любіў чытаць розныя даведнікі, а таксама кніжкі і часопісы з цікавосткамі ды таямніцамі, што друкаваліся пад рубрыкамі накшталт
Сталася так, што Марціна наймацней узяла ў палон загадка смерці Шэкспіра і Сервантэса. У сёмым класе ён вычытаў у часопісе «Вакол свету», што знакамітыя пісьменнікі памерлі ў адзін і той самы дзень 23 красавіка аднаго і таго ж 1616 года. Яны не загінулі ў адной бітве, не патанулі, плывучы на адным караблі, не былі атручаныя на нечы загад, калі сядзелі за адным сталом на каралеўскім балі. Яны, як выглядала, наогул ніколі не сустракаліся. Між тым энцыклапедыі неабвержна сведчылі, што аўтар «Рамэа і Джульеты» пакінуў гэты свет у родным Стратфардзе-на-Эйване, а стваральнік «Дон Кіхота» ўбачыў цётухну з касой — пра яе Марцін у тыя гады думаў легкаважна і амаль весела, адно як пра метафару — у неверагодна далёкай, як на тадышні час, ад Стратфарда іспанскай сталіцы.
Гэтая таямніца настолькі захапіла хлопчыка, што, каб занатоўваць развагі пра яе, Марцін завёў адмысловы вялікі нататнік з жоўтай вокладкай, на якой ён напісаў і абвёў колцам загадкавую дату. Ад лічбы 23 разыходзіліся стрэлкі, што сімвалізавалі яго пошукі і гіпотэзы. Атрымалася нешта падобнае да сонейка з вострымі промнямі, якіх пакрысе рабілася ўсё больш.
Нататнік даўно згубіўся, ды Марціну і сёння добра памятаўся ягоны змест.
Побач са здагадкаю, што ў 1616 годзе ўсю Еўропу ахапіў жудасны чумны паморак, які і забраў жыцці двух геніяў, пад жоўтай вокладкай хавалася версія ўтручвання ў гэтую справу цёмных магічных сілаў. Магчыма, даваў волю фантазіі начытаны падлетак, Шэкспір і Сервантэс адмовіліся прадаваць душу ў абмен на вечнае жыццё і былі за тое пакараныя.