Ольгерд Бахаревич
Тэатр шчасьлівых дзяцей
© Бахарэвіч А. І. , 2021
Разьдзел першы
І тут дзьверы адчыніліся.
«Вы чаго расшумеліся? – спытаў Кабінет Кабінетавіч, выходзячы са свайго цёмнага кабінета. – Толькі і чуваць, што вашыя дзікія крыкі».
І ён паглядзеў сваімі кабінетнымі вачыма спачатку на мяне, потым на Анціка. Але на мяне ўсё-ткі больш строга.
«Нейкія малпы, а ня дзеці», – сказаў Кабінет Кабінетавіч і павярнуўся, каб зноў схавацца ў сваім пакоі.
«Проста нам нудна», – нечакана сказаў гучным голасам Анцік. Мне ажно сорамна за яго зрабілася.
«Што? Нудна? Вам?»
Кабінет Кабінетавіч і праўда быў зьдзіўлены. І трошкі пакрыўджаны. Быццам глядзець на зачыненыя дзьверы ягонага кабінета было найлепшай забавай, якую можна сабе ўявіць.
«Так, нудна, – сказала Юля, выпаўзаючы з-пад канапы. – Нам нудна, і сумна, і нецікава, а яшчэ маркотна і тужліва. І яшчэ… І яшчэ журботна, вось».
Трымаючыся за ручку дзьвярэй, Кабінет Кабінетавіч разгублена абвёў нас вачыма. Спачатку мяне, потым Анціка, а потым Юлю. Аднак на Юлю чамусьці ён паглядзеў больш разгублена.
«Але ў вас ёсьць гэтыя вашы… – Кабінет Кабінетавіч задумаўся. – Гаджэты. Пляншэты. Тэлефоны. Кампутарныя гульні. Цацкі. Мульцікі. Вы можаце сядзець за імі хоць да ночы. Я вам дазваляю. Рабіце ўсё што заўгодна, дзеці. Толькі не шуміце так. Галава ад вас баліць.
А ў мяне яшчэ столькі працы».І ён зноў павярнуўся, каб сысьці ў свой цёмны кабінет, пасярод якога сьвяціўся экран ноўтбука.
«А вось чаму, калі крычыш, у дарослых баліць галава?» – спытала Юля і чхнула. Нос у яе быў брудны, а на каленях чарнелі плямы ад пылу.
Кабінет Кабінетавіч агаломшана спыніўся на парозе і абярнуўся.
«Чаму? Як гэта чаму?»
«Ну вось чаму калі мы крычым, у вас галава пачынае менавіта балець? Чаму яна не пачынае, напрыклад, дыміцца? Ці падскокваць, як мяч?» – Юля заматляла галавой, быццам ненармальная, каб паказаць, як галава можа падскокваць на шыі. А потым падышла да Кабінета Кабінетавіча і паглядзела на яго зьнізу ўверх так, што ён ажно пабляднеў ад страху.
«Ну… – сказаў Кабінет Кабінетавіч і пацёр сабе нос. – Таму што. Таму што дзіцячыя галасы – гэта моцныя раздражняльнікі. Асабліва дзявочыя. У дзяўчат яны такія высокія, што нэрвовая сыстэма…»
«Ясна. Мы вас раздражняем, – сказаў я. – Прабачце».
«… такія высокія, што нэрвовая сыстэма чалавека мусіць на іх адгукацца, – сказаў Кабінет Кабінетавіч, прапусьціўшы мае словы міма сваіх кабінетных вушэй. – Калі я чую вашыя крыкі, я пачынаю пра іх думаць. Толькі пра іх. І не магу засяродзіцца на сваёй працы. Я ні на чым больш не магу засяродзіцца. Разумееце, дзеці?»
«Не!» – сказалі мы хорам, хоць нам усё, абсалютна ўсё было зразумела. Атрымалася так голасна, што Кабінет Кабінетавіч ажно скрывіўся.
«Вось у мяне, напрыклад, калі нехта крычыць, пачынае балець палец, – сказала Юля. – На назе. Вось гэты».
І яна пачала здымаць шкарпэтку. Шкарпэтка не здымалася, і тады Юля задрала нагу і ўчапілася ў яе зубамі. Мне было за яе так сорамна, што я пачаў вырываць шкарпэтку ў яе з рота.
«А ў мяне, калі нехта крычыць, пачынае балець зуб, – сказаў Анцік. – Толькі яго ўжо вырвалі».