Максім Гарэцкі
Роднае карэнне
I
…A яшчэ трэба паведаміць цябе, даражэнькі сынок наш, — чытаў, лежачы на цвёрдай канапе пасля абеду, бацькоўскую пісульку студэнт-медык Архіп Ліпкевіч, — што ў новай нашай хаце жыць мы дужа баімся…
Архіп пацягнуў раз-другі папяроску, абтрос попел на бляху, буркнуў пад нос: «Што за дзіва?» — і, зацікаўлены, пачаў разбіраць далей закаручкі запэцканага чарнілам пісьма:
…Здаецца, ні разу не было таго ў нашым сяле, што дзеецца цяпер y гэтай хаце…
— Ну й пісара ж знайшоў бацька сабе, — уголас загаварыў Архіп, ніяк не могучы разабраць слова ў пісульцы.
Ён ізноў зацягнуўся, вылаяў y думцы пісаку, што, нягледзячы на добры сялянскі пачастунак і пяць капеек, так дрэнна піша пісьмы, саўсім нечытэльна, і задумаўся аб далёкім родным сяле, аб міленькіх старэнькіх, сялібах і садку, што сам з бацькам садзіў колькі гадоў назад.
«Як многа слаўнага ў нашых вёсках, сёлах, a тым часам як яны непарушна-мёртвыя ў жыцці. Час ідзе — угары, y воздусі лётаюць аэрапланы, дырыжаблі; пад вадой жывуць людзі, як на зямлі; перагаварываюцца на тысячы вёрст; даходзяць да таго, што думаюць замаражываць чалавека на колькі трэба часу і ўзноў аджыўляць яго; усё ідзе шпарка ўперад, толькі нашу вёску, як абросшы мохам камень каля шляху, з мясціны не скранеш… Сумна, сумна».
«У дваццатым вяку баяцца жыць y новай хаце. A чаго? Ну, пэўне, чэрці не даюць». — Так думаў-сумаваў студэнт.
…Мы ўжо й папа прывозілі і свянцілі яе, але нехта асеў y ёй і не дае начаваць… — прачытаў ён і аж зазлаваў:
— Выдумаюць сабе ўсякіх дурацкіх зданнёў дый, быццам дзеці, забаўляюцца. Як бы рабіць няма чаго. Э-эх!
…У прошлы чацвер пайшоў батрак начаваць y ёй, бо там халадней, a ў старой хаце аб цяперашнюю летнюю пару дужа душна, дый мухі спакою не даюць.
A лавак y ёй мы яшчэ не паставілі, дык ён і лёг на грубцы, бо мы цяпер яе не топім, і спаць там хораша…Студэнту было троху смешна.
…Якое ўжо, не пры нас будзь казана, ліха здалося яму там, — пісалася далей y пісьме, — ці ён, можа, вечарам з дзеўкамі перажартаваў, ці, часам, да Міхаля ў карчму збегаў, хто яго там ведае, a толькі не паспелі мы заснуць y старой хаце, як раптам заляскаталі нашы вокны так, што мы аж адразу папрачнуліся і надта папужаліся. Матка й кажа да мяне: «Нупрэй, Нупрэй, ці не біць нас хто лезе, што гэта робіцца?» A я — шусь! да акна, гляджу, ажно гэта батрак y адной сарочцы, без шапкі, босы, як адурэўшы, крычыць нема: «Дзядзічка, адчыняй хутчэй!» Адчыніў я акно, упусціў яго, a ён трасецца, зуб на зуб не трапляе… «Што такое? Што такое?» — запыталіся мы. «Нехта ў новай хаце з печы мяне зваліў». «Злодзей, можа, ды там жа красці няма чаго», — сказаў я, але батрак кляўся, бажыўся, што ў хату чалавек залезці ніяк не мог, бо ён на ноч залажыў чэп y прабой, засадзіў кіёк і слясак з клямкі выцягнуў. Ніхто ўлезці не мог… A нехта, нявідзімы, слізкімі, як вужакі, халоднымі рукамі схапіў яго за ногі і махануў з печы на мост. I сапраўды ў батрака быў збіты бок і абдзёрты аб цэглу рукі…
— Нячысцікі завяліся там, ці што? — злосна смяяўся студэнт і падумаў, што батрак пабіўся з хлапцамі за дзевак і паддурыў старыкоў чартаўнёй, як найлепей.