Читать онлайн «Сланы Ганібала»

Автор Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў

Сланы Ганібала

© Уладзімір Арлоў, 2005

© І. П. Логвінаў, 2005

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015

Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін

Незалежнасьць – гэта…

Незалежнасьць – гэта калі ты зьявісься на сьвет у радзільні, дзе няма самых стэрыльных на зямлі савецкіх прусакоў, затое ёсьць аднаразовыя шпрыцы й пялюшкі.

Незалежнасьць – гэта калі твой бацька пойдзе ў ЗАГС, каб атрымаць дакумэнт, што ты сапраўды нарадзіўся і што цябе назвалі ў гонар дзеда Рыгорам, і кабета, якая сядзіць там, спакойна выпіша яму гэты дакумэнт, а ня выцягне са стала «Справочник личных имен народов СССР» і ня будзе, размахваючы ім, гістэрычна тлумачыць твайму бацьку, што ён можа без праблемаў назваць сына Файзулой ці нават Мамаем, а вось Рыгорам – ня можа, бо такога імя проста не існуе ў прыродзе (а существует нормальное человеческое – Григорий).

Незалежнасьць – гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая табе падабалася ў дзіцячым садку, – на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Iсакам, – на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, – на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату й маме ня трэба будзе ўсё лета зьбіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія ня тое каб не хацелі вучыць сваіх дзяцей так, як твае тата й мама, а проста ніколі пра гэта ня думалі, бо вырасьлі пры інтэрнацыяналізьме. I гэтыя заявы ня трэба будзе губляць тры разы дырэктару і два – сакратарцы, і ў першы верасьнёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы», а прыйшоўшы ў сваю клясу, не даведаесься, што дзякуючы няўхільнаму клопату партыі і ўраду ў вас на ўсю клясу толькі ўсяго лемантар і дзьве «матэматыкі» на роднай мове.

Незалежнасьць – гэта калі твая дружына ня будзе змагацца за права насіць імя Паўліка Марозава ці Аляксандра Мясьнікова, бо ўсе вы цудоўна ведаеце, як любіў свайго татку Паўлік і як любіў беларусаў Мясьнікоў.

Незалежнасьць – гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскару, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе й запытае, што значыць слова «імавернасьць», і ты па-француску растлумачыш яму.

Незалежнасьць – гэта калі ты будзеш служыць у войску не далей за памежныя горад ці вёску твае зямлі, затое табе ніколі не загадаюць фарбаваць траву й прыбіраць тэрыторыю «вот отсюда и до обеда». У нядзелю ты зможаш прыехаць да бацькоў ці да свае дзяўчыны, затое ніхто не назаве цябе «бульбашом», а твайго сябра – «черножопым» за тое, што вы думаеце й гаворыце ў сьне па-свойму, і табе ніколі не загадаюць гастрыць сапёрную рыдлёўку, каб акапацца ў Баку ці ў Тбілісі.

Незалежнасьць – гэта калі твая дзяўчына кажа, што хоча на выхадныя ў Вену, і ты з чыстым сумленьнем абяцаеш ёй, што ў суботу вы вып’яце кавы насупраць палацу Шонбрун, і ведаеш, што перад вашай вандроўкаю ніхто ня будзе высьвятляць у цябе, ці быў ты ў дзяцінстве габрэем, а таксама, ці быў ты раней за мяжою і калі вярнуўся адтуль, дык зь якой мэтай.