Адам Глёбус
ДОМ
Раман-аўтапартрэт у сямейным iнтэр'еры
Падрыхтаванае на падставе: Адам Глёбус, Дом: Раман-аўтапартрэт у сямейным iнтэр'еры — Мінск: Логвінаў, 2004. — 143 с.
© Камунікат. org, 2012
Частка першая. Унук
Падарунак
Жонка гаворыць: «Найлепшы падарунак, якi я зрабiла табе за жыццё, — унук Вова. Ён, як i ты, — Валодзя Адамчык. Мы ўсе будзем яго любiць, як i цябе». Не пярэчу. Не каментую. Усмiхаюся, бо прыемнасць у невядомасцi.
Водар
Узяў Вову на рукi. Іду з iм праз вераснёвы парк. Яму толькi тры месяцы. Яму яшчэ цяжка трымаць галаву. І я прыцiскаю яго лоб да сваёй шчакi. Водар... У дзяцей пяшчотны водар. Першага разу я выразна пачуў гэты пах, калi выцягнуў з калыскi сваю стрыечную сястру. Ёй было таксама месяцы тры. Яна капрызiлася, плакала... Каб супакоiць, я ўзяў яе на рукi. Водар дзiцяцi мяне здзiвiў. Прэсна-салодкi, чысты i моцны. Так пахла мая Вольга, так пахла мая Ядзя. Цяпер такi водар сыходзiць ад Вовы. Чужыя дзецi пахнуць крышку iнакш, менш салодка i больш прэсна.
Перацяканне
Алена праспала цэлы дзень. Яна нечым атруцiлася — на Камароўскiм кiрмашы каштавала розную садавiну. Як ты купiш, не пакаштаваўшы?! Да гэтага Алена прастудзiлася, катаючыся ў полi на канi. Хваробы нападаюць на яе адна за адной, нiбыта прырода паўстала супраць яе цела. Алена марнее проста на вачах. Асаблiва выразна перамены бачацца тады, калi яна бярэ ўнука на рукi. Той нiбыта пачынае расцi. Я бачу, як ён павялiчваецца, а баба змяншаецца. Жыццё наўпрост перацякае з яе ў яго.
Ад назiрання за перацяканнем жыццёвай сiлы я нямею.Прыход
«Вова прыходзiў», — кажу брату. «Прыносiлi... » — «Цяперака ў нас гэта называецца «Вова прыходзiў». — «Ну i як?» — «Спакойны хлопчык, спаў, пакуль мы вячэралi. Прачнуўся, на рукi папрасiўся... Усё яму цiкава... Спрабуе нешта сказаць... Белы, чысты, вочы блакiтныя... » — «Адчуваеш сябе старым?» — «Так».
Адлегласць
«Як твая ўнучка?» — знаёмы мастак Валодзя глядзiць на мяне блакiтнымi вачыма. «Унук!» — «Прабач... » — «Унук — Вовачка!» Смешна. Мы добра помнiм старэйшых вучняў у сваёй школе i студэнтаў у сваiх iнстытутах i акадэмiях, кепска — маладзейшых. А ўнукi страчваюць пол, так яны далёка ў нашай памяцi. Мастака Валодзю не ўратоўвае нi тое, што мой унук — ягоны цёзка, нi тое, што я трэцi раз кажу яму пра гэта. Чужыя ўнукi ўжо на той адлегласцi, калi неабавязкова ведаць iх iмёны, усё адно не дагукаешся.
Рэўнасць
Здавалася б, чаго... Але ёсць зайздрасць i рэўнасць да новага чалавека. Вось ён будзе жыць, а ты, а мы, а ўсе... «Вядома, у Вовачкi будзе ўсё!» — з ледзь прыхаванай злосцю кажа Ядзя. Яна больш за ўсiх у сям’i страцiла з прыходам Вовы ў гэты свет. Яна была малодшая, найлюбiмейшая, найдаражэйшая... А тут ён — цэнтр увагi, цэнтр размоваў i перажыванняў. А яна — цётка Ядзя. З дзяўчынкi ды ў цёткi. І незваротнасць. Да любовi, што прыйдзе, што з’явiцца, трэба яшчэ прывыкнуць, i не толькi Ядзi, а ўсiм нам, хто страцiў, але ж i набыў.
Гу!
Вова гаворыць: «Гу-у!» Смяецца. Хапае мяне за нос i вострым, як лязо, пазногцiкам пакiдае драпiну. Цяпер i ў мяне, i ў Вовы аднолькава падрапаныя насы. Вось табе i «гу».