Читать онлайн «Уліс з Прускі»

Автор Владимир Гниломедов

Уладзімір Гніламёдаў

Уліс з Прускі

Раман

Частка першая

І

Чым даўжэй ён жыў, тым часцей успамінаў той выпадак, у самым дзяцінстве, на прускаўскай вуліцы. Тады ён быў яшчэ не Лявонам, а Лявонкам — падлеткам, што нядаўна толькі скончыў вясковую школку. Стаяў канец жніўня, але дрэвы ўжо паспелі пажаўцець, і на зямлю нячутна, па адным, ападала лісце. Ля калодзежа, насупраць старой дзедавай хаты, што знаходзілася якраз пасярэдзіне вёскі, тоўпіліся мужчыны і, як звычайна, пра штосьці гаманілі. Ніхто не звярнуў увагі на Кузёмку, які ў ботах з блішчастымі халявамі ішоў па вуліцы, са звыклай усмешкай на твары, наіўна, па-блазенску радуючыся ўсяму, што трапляла на вочы. У яго паводзінах было штосьці ад малога дзіцяці, якое нешта вельмі цікавае ведае і якому не церпіцца расказаць пра гэта іншым.

Убачыўшы людзей, пасур'ёзнеў, падышоў бліжэй і неяк незадаволена, нават злосна пазіраючы на іх, невядома за што папракнуў:

— Стаіце?! А вунь у двары кажуць — дваццатае сталецце пачалося! Дваццатае!

Кузёмка ішоў, бадай, з панскага двара, меў звычай часам заходзіць туды і гаварыць нават з самім панам Падгурскім, да якога мясцоваму чалавеку было не падступіцца.

Прысутныя не адразу і зразумелі дзівака: пра што ён вярзе? Пра сталецце нейкае? Недаверліва пераглянуліся паміж сабой.

— Дваццатае сталецце? А хто іх лічыў — сталецці тыя? — усміхнуўся Дармідонт Хлябіч — не стары яшчэ чалавек з рудой барадой.

— І то праўда! — як заўсёды, у тон яму паддакнуў Захар Відэрка і засмяяўся.

Дармідонт, апрача таго, што меў уласную гаспадарку, быў яшчэ і панскі ляснік, дакладней, стражнік у панскім лесе.

Захар — заядлы рыбак, а ў нейкай меры і паляўнічы.

— Раней лічылі ад нараджэння Хрыста, а цяпер што? Па-іншаму? — паказаў сваю дасведчанасць Мітрафан Давыдзюк — стараста.

Масей Галёнка — чымсьці падобны на Кузёмку, прускаўскі дзівак, які таксама тут прысутнічаў,— як звычайна, недарэчы і неўпапад зарагатаў.

— Вучоныя гэтыя! Каб на іх паморак! — ні да кога не звяртаючыся, быццам сам сабе, прабурчэў Ясё Латушка, вядомы сваёй падазронасцю да ўсяго і недаверам.

«Цікава, — падумаў Лявонка, — а ў школе Фама Фаміч пра гэта нічога не расказваў…»

Па вуліцы якраз праязджаў у сваім дубовым вазку, грузна калдыбаючым на ўхабінах, айцец Глеб — бацюшка мясцовага прыхода, накіроўваўся збіраць асяніну. Ззаду прытуліўся дзяк Садоўскі.

Убачыўшы Кузёмку, айцец Глеб незадаволена чмыхнуў у старасвецкую, з сівізной, бараду:

— Пра такіх і ў Пісанні гаворыцца: не сеюць, не жнуць, не збіраюць у жытніцу. Здзівіў! Я ўжо год пра сію новасць ведаю. Далося ў знакі гэтае сталеціе — мы з матушкай тры разы адзначалі яго — першы раз у адна тысяча васемсот дзевяноста дзевятым, калі сустракалі тысяча дзевяцісоты, аднак, як аказалася, паспяшаліся, айцец благачынны смяяўся з нас. Другі раз напярэдадні тысяча дзевяцьсот першага, што, на думку матушкі, было бліжэй да ісціны, але, каб не памыліцца, рашылі на ўсякі выпадак сустрэць і ў адна тысяча дзевяцьсот першым…

Вазок уваліўся спачатку пярэднімі, а потым заднімі коламі ў глыбокую калдобіну.